У 2020 годзе стыпендыі Прэзідэнта будуць атрымліваць 97 аспірантаў краіны, сярод якіх - прадстаўнікі Купалаўскага ўніверсітэта.
Стыпендыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на 2020 год прызначаная аспіранту філалагічнага факультэта Вользе Грыневіч і аспіранту факультэта матэматыкі і інфарматыкі Дзмітрыю Копацю. Яны ўжо маюць навуковыя дасягненні, якія былі ўкаранёны ў вытворчасць і адукацыйны працэс. Вынікі дысертацыйных даследаванняў Вольгі Грыневіч і Дзмітрыя Копаця апублікаваныя ў навуковых выданнях з пераліку ВАК, замежных навуковых перыядычных выданнях, а таксама прадстаўлены на рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях і сімпозіумах.
Прызначэнне стыпендый Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - адна з формаў дзяржаўнай падтрымкі маладых навукоўцаў, накіраваная на актывізацыю дзейнасці навуковых школ краіны, а таксама на найбольш поўнае раскрыццё навуковага патэнцыялу ў розных рэгіёнах Беларусі.