Сустрэча старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандра Шуміліна з маладымі навукоўцамі, выкладчыкамі і супрацоўнікамі адбылася ў Купалаўскім універсітэце 7 лютага.
Павітала і падзякавала госцю за візіт і ўвагу да ўніверсітэта Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Яна падкрэсліла, што ў Купалаўскім універсітэце надаецца вялікая ўвага развіццю інавацыйнай дзейнасці як сярод выкладчыкаў, так і сярод студэнтаў:
- З 2017 года ва ўніверсітэце дзейнічаюць дзве інавацыйныя структуры: Цэнтр трансферу тэхналогій і Навукова-тэхналагічны парк. Іх мэта - развіццё інавацыйнага патэнцыялу не толькі ГрДУ імя Янкі Купалы, але і ўсяго Гродзенскага рэгіёна. За год у тэхнапарку з'явіліся сем рэзідэнтаў, якія паспяхова працуюць, створана 17 працоўных месцаў.
Рэктар распавяла, што сёння вядзецца будаўніцтва другой чаргі Навукова-тэхналагічнага парку. Гэта будзе вялікі будынак, які ўключыць у сябе вытворчыя і IT-офісы, оpen space і каворкінг-цэнтр.
- Мы ўскладаем вельмі вялікія надзеі на ўніверсітэцкае навучанне і плануем узмацніць супрацоўніцтва з гродзенскімі ўніверсітэтамі. Тэхнапарк закліканы стаць месцам інавацыйнага развіцця рэгіёну, дзе будуць стварацца новыя прадпрыемствы, а рэзідэнты змогуць вырастаць у вялікія самастойныя вытворчыя аб'яднанні, - адзначыла Ірына Кітурка.
Узрастаючую ролю тэхнапаркаў у інавацыйным развіцці таксама падкрэсліў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін. Ён адзначыў, што у 2019 годзе рэзідэнтамі 15 тэхнапаркаў краіны выраблена інавацыйнай прадукцыі на больш чым Br150 млн. Такія пляцоўкі даюць магчымасць самарэалізавацца моладзі, развіць ідэю да працуючага бізнесу.
- Мы гаворым пра тое, як з дапамогай новых тэхналогій, распрацовак, ведаў унесці свой пасільны ўклад у развіццё краіны, павышэнне канкурэнтаздольнасці беларускай прадукцыі. Менавіта такія задачы стаяць перад універсітэтамі. І ў рэгіёнаў, у тым ліку Гродзенскага, ёсць унікальныя тэхналогіі, вытворчасці і вялікія магчымасці для развіцця, - адзначыў Аляксандр Шумілін.
Лейтматывам дыялогу з купалаўцамі сталі пытанні развіцця беларускай навукі і інавацый. Ён адзначыў, што ў ліку асноўных перспектыўных кірункаў на сёння вызначаныя IT-сфера, біятэхналогіі і медыцына, прыродныя рэсурсы і экалогія.
- Для моладзі ў Беларусі ствараюцца ўсе ўмовы для таго, каб самарэалізавацца і атрымаць прыбытак. Дзяржава ўсяляк падтрымлівае ініцыятыву маладых навукоўцаў. Значна падвышаная стыпендыя для аспірантаў, вылучаецца сто стыпендый Прэзідэнта для маладых дактароў навук, кандыдатаў навук і маладых навукоўцаў ва ўзросце да 25 гадоў, створана сістэма грантаў на навуковыя распрацоўкі. Акрамя таго, мы штогод праводзім конкурс інавацыйных распрацовак, па выніках якога пераможцы атрымліваюць грашовыя прызы, а таксама сродкі на камерцыялізацыю сваёй распрацоўкі. Яшчэ адзін напрамак - гэта фінансаванне ўсіх прыкладных распрацовак, якія паспяхова прайшлі дзяржаўную экспертызу, - падкрэсліў Аляксандр Шумілін.
У фармаце адкрытага канструктыўнага дыялогу былі абмеркаваныя тэмы інавацыйнага развіцця не толькі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, але і ўсёй рэспублікі. Акрамя таго купалаўцы маглі задаць усе пытанні, якія іх цікавяць. Цікавілі тэмы іміджу чалавека навукі, пыталіся пра прыярытэты беларускай навукі на бліжэйшыя пяць гадоў, падтрымцы start-up праектаў і рэгіянальных навуковых праграм. На сустрэчы Аляксандр Шумілін падзяліўся асабістымі ўспамінамі са свайго студэнцкага жыцця і распавёў пра яркія ўражанні за час прафесійнай дзейнасці. У ходзе мерапрыемства дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, старшыня Савета маладых навукоўцаў ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандр Горны распавёў аб З'ездзе маладых вучоных, які пройдзе ў Купалаўскім універсітэце ў 2020 годзе, і запрасіў Аляксандра Шуміліна прыняць у ім удзел.
Завяршылася сустрэча сказанымі на дарогу словамі ад старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандра Шуміліна на адрас навукоўцаў:
- Любая мэта дасягальная, калі яна пісьменна сфармуляваная. Будзьце прафесіяналамі ў сваёй справе, стаўце выразныя мэты - і вы іх абавязкова дасягнеце!