На пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі "Аб выніках работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за 2024 год і задачах на 2025 год" Купалаўскі ўніверсітэт удастоены ўзнагароды па выніках работы сістэмы адукацыі за 2024 год у намінацыі "За высокія дасягненні ў галіне якасці адукацыі". Пасяджэнне падагульняючай калегіі Мінадукацыі праходзіць сёння, 20 лютага, у Мінску.
Удзельнікамі сталічнага мерапрыемства сталі прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, дзяржарганізацый, падпарадкаваных ураду Рэспублікі Беларусь, намеснікі старшыняў аблвыканкамаў, Мінгарвыканкама, якія курыруюць сферу адукацыі, кіраўнікі і педагагічныя работнікі ўстаноў адукацыі ўсіх узроўняў.
Узнагароду ў намінацыі "За высокія дасягненні ў галіне якасці адукацыі" ўручыў рэктару Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірыне Кітурка Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец.
Узнагарода, якую атрымаў Купалаўскі ўніверсітэт, – гэта заслужанае прызнанне намаганняў і адданасці кожнага супрацоўніка і студэнта. Поспех - гэта агульнае дасягненне ўсіх, хто працуе і вучыцца ў ГрДУ імя Янкі Купалы, бо кожны робіць свой уклад у развіццё адукацыі і дасягненне высокіх вынікаў.
Гэта падзея стала пацвярджэннем таго, што купалаўцы знаходзяцца на правільным шляху і працягваюць дабівацца высокіх стандартаў у галіне якасці адукацыі.