8 жніўня ў Маладзёжным цэнтры "Гродна" прайшоў абласны Фестываль творчасці студэнцкіх атрадаў. Мерапрыемства прысвечана Дню Беларускіх студэнцкіх атрадаў.
Удзел у Фестывалі прынялі каля 100 байцоў атрадаў з розных раёнаў Гродзенскай вобласці. Рабятам у складзе каманд трэба было прайсці два выпрабаванні: конкурс візітак «Ніхто не можа больш, чым мы РАЗАМ!» і творчы конкурс. У першым спаборніцтве неабходна было прадставіць свой атрад, расказаць пра яго гісторыю, традыцыі, а таксама пра месца працы. У другім - паказаць усе свае таленты ў адной з намінацый: "Лепшая танцавальная кампазіцыя", "Музычны напрамак" і "Арыгінальны жанр".
- Мы падрыхтавалі песню з цалкам перапрацаваным тэкстам на знаёмую мелодыю і дадалі ігру на саксафоне. Прадставілі аўтарскую візітоўку ў фармаце відэароліка пра наш універсітэт са спецыяльна напісанай для прыёмнай кампаніі песняй, пад якую мы паставілі танец. Удзел у фестывалі пакінуў незабыўныя ўражанні! Хваляванне перад выхадам на сцэну, радасць і гонар за нашу каманду, новыя знаёмствы - усё гэта зрабіла мерапрыемства па-сапраўднаму яркай і запамінальнай падзеяй. Мы атрымалі вялізны зарад станоўчых эмоцый! – падзялілася камандзір сэрвіснага студэнцкага атрада «Мазаіка» імя Героя Савецкага Саюза Саламона Арановіча Гарэліка Юлія Хваль.
Па выніках напружаных баталій байцы сэрвіснага студэнцкага атрада "Мазаіка" занялі 2 месца ў конкурсе візітак і 3 месца ў творчым конкурсе ў намінацыі "Арыгінальны жанр".
Віншуем купалаўцаў і жадаем далейшых поспехаў!