З 21 па 27 верасня ў рамках праграмы «Запрошаны прафесар» філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы наведала доктар філалагічных навук, прафесар, прафесар кафедры рускай філалогіі Казахскага нацыянальнага ўніверсітэта імя аль-Фарабі Айнагуль Туманава.
Яе візіт стаў значнай падзеяй для філалагічнага факультэта. У рамках візіта прафесар сустрэлася з кіраўніцтвам факультэта, калектывам кафедры рускай філалогіі і прыняла ўдзел у адкрыцці імянной аўдыторыі прафесара Васіля Нікітэвіча. Таксама правяла лекцыі студэнтам спецыяльнасці «Руская філалогія (па напрамках)» па дысцыпліне «Сучасныя напрамкі мовазнаўства». Тэмы лекцый: «Моўная асоба: вызначэнне, структура, падыходы даследавання», «Моўная карціна свету», «Новыя парадыгмы мовазнаўства», «Канцэпт, канцэптуальны аналіз» і «Дыскурс, дыскурс/аналіз».
Айнагуль Туманава – аўтар больш за 200 навуковых прац, у ліку якіх 14 навучальных дапаможнікаў, шэсць манаграфій (адна з іх у замежным выданні і яшчэ адна ў калектыўным выданні). 42 публікацыі змешчаны ў выданнях блізкага і далёкага замежжа, 7 – у часопісах, зарэгістраваных у базе дадзеных Scopus, і 4 – у аўтарскіх сведчаннях. Айнагуль Туманава з'яўляецца актыўным удзельнікам міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцый і семінараў, а таксама рэгулярна праводзіць майстар-класы па методыцы выкладання рускай мовы ў вышэйшай школе.
Высокі прафесіяналізм і ўклад Айнагуль Туманавай у развіццё навукі і адукацыі адзначаны шматлікімі ўзнагародамі. У іх ліку - ганаровая грамата Рэспублікі Казахстан «За заслугі перад дзяржавай і значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё краіны, а таксама актыўную грамадскую дзейнасць», ордэн «Құрмет», нагрудныя знакі «За заслугі ў развіцці навукі Рэспублікі Казахстан» і «Ганаровы работнік адукацыі Рэспублікі Казахстан», медаль А.С. Пушкіна «За вялікія заслугі ў распаўсюджванні рускай мовы», залаты медаль «Бірлік» Асамблеі народа Казахстана і медаль Еўразійскай асацыяцыі універсітэтаў «За ўклад у еўразійскае супрацоўніцтва». Яе пастаянная работа над павышэннем кваліфікацыі пацвярджаецца больш як 35 сертыфікатамі аб праходжанні курсаў павышэння кваліфікацыі ў розных краінах свету.
Візіт прафесара Айнагуль Туманавай не толькі ўмацаваў сувязь паміж універсітэтамі, але і даў студэнтам-філолагам выдатную магчымасць пазнаёміцца з перадавымі даследаваннямі ў галіне мовазнаўства.