Мерапрыемства праходзіла на базе Уральскага Федэральнага ўніверсітэта імя першага Прэзідэнта Расіі Б.М. Ельцына ў Екацярынбурзе і сабрала каля 300 студэнтаў з 17 краін.
Міжнародны адукацыйны праект «Летні ўніверсітэт – 2025» – гэта ўнікальная платформа, дзе студэнты могуць не толькі пазнаёміцца з патэнцыялам расійскай адукацыі, але і паказаць свае прафесійныя навыкі і атрымаць новыя веды і сяброўскія сувязі.
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на мерапрыемстве прадставілі студэнтка 4 курса спецыяльнасці «Міжнароднае права» Віялета Драмлюк і студэнтка 4 курса спецыяльнасці «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурнай камунікацыі» Арыядна Дацык.
У рамках гуманітарна-юрыдычнага кірунку ўдзельнікі праслухалі лекцыі на тэмы «Этыка ў сферы штучнага інтэлекту», «Міжнародна-прававое рэгуляванне мірнай ядзернай дзейнасці», «Дамовы міжнароднай куплі-продажу тавараў», «Асновы сацыяльнага праектавання», «Прававое забеспячэнне энергазберажэння і энергаэфектыўнасці». «Экалагічная бяспека і права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе», «Міжнароднае падаткаабкладанне ў дзяржавах ЕАЭС» і «Асаблівасці атрымання і рэгістрацыі правоў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасці і сродкі індывідуалізацыі». Ключавым этапам «Летняга ўніверсітэта» стала спаборніцтва «ХакАтам», дзе ўдзельнікі павінны былі падрыхтаваць і абараніць праект у міждысцыплінарных камандах.
Апроч інтэнсіўнай вучобы, для ўдзельнікаў была арганізавана насычаная культурная праграма. Удзельнікі праекта наведалі парк Сказаў у пасёлку Араміль, мяжу Еўропа - Азія, экскурсію па Екацярынбургу і індустрыяльныя туры, у рамках якіх пабывалі ва Уральскім дзяржаўным юрыдычным універсітэце, Заканадаўчым Сходзе Свярдлоўскай вобласці, Свярдлоўскай абласной калегіі адвакатаў і музеі. А таксама быў праведзены вечар нацыянальнай гасціннасці, майстар-класы, віктарыны і спартыўныя мерапрыемствы.
Вярнуўшыся з пляцоўкі "Летняга ўніверсітэта" ўдзельнікі прывезлі з сабой бясцэнны вопыт, новыя сяброўскія сувязі і яркія ўражанні.