26 чэрвеня ў канферэнц-зале Нацыянальнай акадэміі навук прайшла 26-я рэспубліканская акцыя «Студэнцтва і прафсаюз разам!». У ліку лепшых выпускнікоў краіны, узнагароджаных за актыўную прафсаюзную дзейнасць – выпускнік фізіка-тэхнічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Міхаіл Мардасевіч.
Гэтая акцыя ўжо даўно стала традыцыяй. Штогод яна збірае студэнтаў і прадстаўнікоў прафсаюза, каб павіншаваць і заахвоціць моладзь, якая не толькі паспяхова вучылася, але і дапамагала развіццю прафсаюзнага руху ў сваім універсітэце.
У гэтым годзе ўзнагароды атрымалі больш за 85 выпускнікоў ВНУ – прадстаўнікоў Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Сярод актыўнай моладзі былі лаўрэаты прафсаюзных стыпендый, а таксама ініцыятары студэнцкіх праектаў, культурна-масавых мерапрыемстваў і спартыўных спаборніцтваў. Сярод самых актыўных і ініцыятыўных быў і выпускнік нашага Купалаўскага ўніверсітэта Міхаіл Мардасевіч. Ён удастоены ўзнагароды за значны ўклад у развіццё студэнцкай прафарганізацыі і абарону правоў студэнтаў.
Звярнуўшыся да выпускнікоў, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч пажадала ім упэўнена прымяняць атрыманыя веды і адзначыла, што менавіта ініцыятыўная моладзь з'яўляецца рухавіком краіны:
– Краіне патрэбныя прафесіяналы, гатовыя браць на сябе адказнасць і праяўляць ініцыятыву. Менавіта вы вызначаеце не толькі будучыню, але і сучаснасць.
Віншуем Міхася Мардасевіча з атрыманай узнагародай і жадаем яму поспехаў у будучай прафесійнай кар'еры!