22 ліпеня рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка разам з прарэктарам Вячаславам Раманенкам наведалі Лідскі каледж ГрДУ імя Янкі Купалы. Галоўнай мэтай сустрэчы стала ацэнка правядзення прыёмнай кампаніі.
У час наведвання Ірына Фёдараўна дэталёва азнаёмілася з арганізацыяй прыёму дакументаў, работай прыёмнай камісіі, а таксама з бягучымі лічбамі прыёму па розных спецыяльнасцях.
Лідскі каледж Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы адкрывае шырокія магчымасці для выпускнікоў, якія атрымалі базавую адукацыю. У рамках прыёмнай кампаніі ўстанова вядзе набор па спецыяльнасцях, якія ахопліваюць як тэхнічную, так і гуманітарную сферу.
Адказны сакратар прыёмнай камісіі Лідскага каледжа Вольга Лук'янава адзначыла высокую зацікаўленасць абітурыентаў да прапанаваных спецыяльнасцей. У гэтым годзе іх сем. Так, на спецыяльнасць "Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт транспартных сродкаў" з кваліфікацыяй "Тэхнік-механік" план набору складае 75 чалавек, і на сённяшні дзень гэта адна з самых запатрабаваных спецыяльнасцей - на яе падалі дакументы каля 70 чалавек. Пры гэтым 21 месца выдзелена пад мэтавы набор. На спецыяльнасць «Абслугоўванне і рамонт аўтамабіляў» сёлета ў Лідскім каледжы план набору складае 30 чалавек, і, паводле слоў адказна сакратара, заяў пададзена ўжо больш за палову. Не менш дынамічна ідзе падача дакументаў на аддзяленне электронікі. На спецыяльнасць "Тэхнічная эксплуатацыя прыбораў і апаратаў" пры плане набору 55 чалавек дакументы падалі каля 30 абітурыентаў. Вольга Лук'янава адзначыла рэзка ўзрослую зацікаўленасць паступаючых да спецыяльнасці "Тэхнічная эксплуатацыя сродкаў вылічальнай тэхнікі" - на сённяшні дзень на 30 месцаў ужо прэтэндуюць 30 чалавек.
Папулярнасць маюць і гуманітарныя спецыяльнасці. На спецыяльнасць "Пачатковая адукацыя" пры наборы 30 чалавек пададзена ўжо 32 заявы. На спецыяльнасць "Дашкольная адукацыя" дакументы падалі больш за 50 абітурыентаў пры плане набору 60.
Штогод у тройку лідараў па колькасці тых, хто паступае, у Лідскім каледжы уваходзіць спецыяльнасць "Будаўніцтва будынкаў і збудаванняў". На сённяшні дзень на 55 месцаў дакументы падалі каля 40 чалавек.
- Здзіўляе тое, што ў гэтым годзе да нас на дадзеную спецыяльнасць ідзе шмат дзяўчат, - адзначыла Вольга Лук'янава.
Выпускнік сярэдняй школы №5 горада Ліды Арцём Мілюнец абраў для паступлення спецыяльнасць "Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт транспартных сродкаў". У гэтую сферу, паводле слоў абітурыента, яго захапіў бацька.
- Тата - індывідуальны прадпрымальнік, у яго бізнэс, звязаны з тэхнікай. Тэхнікі шмат, і патрэбен чалавек, які зможа дапамагчы. Таму выбар упаў менавіта на кваліфікацыю "Тэхнік-механік". Лідскі каледж выбралі, таму што ён знаходзіцца блізка да дома, ды і ў цэлым падабаецца. У будучыні магчыма будзем паступаць у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, – падзяліліся Арцём Мілюнец і яго маці Алена Мілюнец.
Прыёмная кампанія ў Лідскі каледж Купалаўскага ўніверсітэта працягваецца. Нагадаем, што прыём дакументаў працягнецца да 3 жніўня.