У пленарным пасяджэнні, якое адбылося 20 лістапада на базе ГрДМУ, прынялі ўдзел старшыня абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Краўцоў, памочнік Прэзідэнта - інспектар па Гродзенскай вобласці Сяргей Раўнейка і намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч.
– Адной з найважнейшых задач гэтай пяцігодкі на 2016-2020 гады для Беларусі з'яўляецца інавацыйнае развіццё, - адзначыў Уладзімір Краўцоў. - 2017 год у нашай краіне быў абвешчаны Годам навукі. Цяперашняе пасяджэнне - свайго роду падвядзенне прамежкавых вынікаў, ацэнка таго, што нам удалося зрабіць у плане распрацовак, укараненняў, які вынік мы спадзяемся атрымаць ад гэтага і што неабходна зрабіць, каб больш актыўна задзейнічаць інавацыйныя прылады развіцця ў рамках той канцэпцыі, якая прынята ў нашай дзяржаве.
Аб дасягненнях, стане і перспектыўных напрамках развіцця навукі ў Гродзенскай вобласці ў сваіх выступах казалі прарэктар па навуковай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Сяргей Вольф, прарэктар па навуковай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Сяргей Тарасенка, рэктар ГрДМУ, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Сняжыцкі , а таксама старшыня Савета маладых навукоўцаў ГрДМУ Алена Ярмолік.
Прарэктар па навуковай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Уладзімір Барсукоў прадставіў увазе ўдзельнікаў мерапрыемства дасягнення ўніверсітэта ў галіне навукі. Уладзімір Георгіевіч адзначыў, што Гродзенскі ўніверсітэт у рэгіёне з'яўляецца шматузроўневым адукацыйным комплексам, кузняй высокакваліфікаваных кадраў, навукова-даследчым цэнтрам і пляцоўкай інавацыйнага развіцця.
У купалаўскім універсітэце вядзецца планамерная работа па бесперапыннай падрыхтоўцы навуковых работнікаў: пачынаючы са студэнцтва, працягваючы ў магістратуры, аспірантуры і заканчваючы дактарантуру. За папярэднія два гады вучоная ступень доктара навук была прысуджана 4 супрацоўнікам універсітэта, кандыдата навук - 32, вучонае званне прафесара прысвоена 5 выкладчыкам, дацэнта - 12.
Штогод супрацоўнікі ўніверсітэта выконваюць больш за 200 навукова-даследчых праектаў, 60% якіх носіць прыкладны характар. Асноўная доля даследаванняў вядзецца ў рамках дзяржаўных, навукова-тэхнічных, рэгіянальных праграмах, грантаў БРФФД, міжнародных фондаў і праграм, гаспадарчых дагавораў, служачых асновай для прыкладных распрацовак і падрыхтоўкі навуковых і навукова-педагагічных кадраў вышэйшай кваліфікацыі.
Па выніках даследаванняў штогод ажыццяўляецца больш за 200 укараненняў у вытворчасць, публікуецца больш за 1000 артыкулаў у больш чым 600 замежных і айчынных навуковых часопісах, уключаючы высокарэйтынгавыя выданні з рэфератыўнай базай дадзеных Scopus і Web of Science.
Актыўная ў ГрДУ імя Янкі Купалы студэнцкая навука: звыш 120 праектаў маладых навукоўцаў штогод перамагаюць на Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ, а лепшыя распрацоўкі купалаўцаў перамагаюць у рэспубліканскім конкурсе праектаў «100 ідэй для Беларусі».
Акрамя таго, ідзе развіццё інавацыйнай інфраструктуры ўніверсітэта. Так, у 2017 годзе ў ГрДУ імя Янкі Купалы створаны Цэнтр трансферу тэхналогій і навукова-тэхналагічны парк пры падтрымцы Гродзенскага аблвыканкама. Плануецца, што тэхнапарк стане інавацыйным цэнтрам па стварэнні інавацыйных распрацовак, вытворчасці навукаёмістай прадукцыі і паслуг у тэхнічных і гуманітарных абласцях. Акрамя таго, уключыць у сябе бізнэс-інкубатар, які будзе спрыяць станаўленню малых інавацыйных прадпрыемстваў і падтрымцы моладзевых ініцыятываў, а таксама сэрвісны цэнтр па аказанні інжынірынгавых, кансалтынгавых, юрыдычных, эканамічных, псіхалагічных, лінгвістычных паслуг.
Таксама навукова-тэхналагічны парк, па словах Уладзіміра Барсукова, дазволіць усім тром універсітэтам рэгіёну атрымаць новыя магчымасці для развіцця навукі. Гэта, перш за ўсё, фінансавая падтрымка, камерцыялізацыя навуковых ідэй і падрыхтоўка баз практык для студэнтаў - будучых спецыялістаў, іх працаўладкаванне і самарэалізацыя.
У завяршэнні пленарнага пасяджэння прадстаўнікам вышэйшых навучальных устаноў і навуковых арганізацый Гарадзеншчыны ўручылі ўзнагароды, сярод іх супрацоўнікі Гродзенскага ўніверсітэта. Так, Ганаровай граматы Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта ўдастоена першы прарэктар Ірына Кітурка, Ганаровай граматы Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў - дырэктар навуковай бібліятэкі нашага ўніверсітэта Мікалай Грынько, лістом падзякі Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў - намеснік прарэктара па навуковай рабоце - начальнік навукова-даследчай часткі Антон Глазеў.
Адзначым, што напярэдадні мерапрыемства дэпутаты наведалі лабараторыю малекулярнай спектраскапіі і оптыкі нанаструктур Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Гродзенскі філіял Парка высокіх тэхналогій, сімуляцыйный цэнтр Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і інжынерна-тэхналагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, дзе пазнаёміліся з работай навукоўцаў і змаглі пераканацца ў высокім навуковым патэнцыяле Гродзеншчыны.
Акрамя таго, удзельнікі сесіі пабывалі на выставе навуковых дасягненняў устаноў вышэйшай адукацыі і навуковых арганізацый Гарадзеншчыны, дзе былі прадстаўлены каля 30 праектаў у розных галінах - сельскай гаспадарцы, прамысловасці, будаўніцтве, адукацыі, медыцыне, IT-сферы і іншых галінах. Сярод іх пяць навуковых распрацовак вучоных ГрДУ імя Янкі Купалы, якія, па словах Антона Глазева, стануць асновай навукаёмістай прадукцыі навукова-тэхналагічнага парку.
Аўтарамі праектаў з'яўляюцца не толькі навукоўцы ўніверсітэта, якія маюць вялікі вопыт, але і студэнты, магістранты і аспіранты, за якімі будучыня навукі Беларусі. Выстава стала наглядным прыкладам паспяховага ўзаемадзеяння навукі і практыкі: многія з распрацовак ўкаранёны ў вытворчасць на прадпрыемствах і ў арганізацыях рэгіёну.
[Widgetkit id = 1943]