Навуковы форум праходзіць 12-13 снежня і аб'ядноўвае больш за 2500 удзельнікаў з беларускіх вышэйшых навучальных устаноў, галіновай навукі і органаў дзяржаўнага кіравання. Каля 500 з іх - замежныя госці: вядомыя навукоўцы Саюзнай дзяржавы, СНД, вядучых замежных акадэмій навук, сусветных навукова-даследчых арганізацый і цэнтраў.
Дэлегацыю Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ўзначальвае рэктар Ірына Кітурка. У складзе дэлегацыі вопытныя і маладыя навукоўцы, удзельнікі рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі», які праводзіцца пад эгідай ГА «БРСМ».
Адзначым, што папярэдні З'езд вучоных праходзіў у Беларусі 10 гадоў таму ў 2007 годзе. Правядзенне цяперашняга навуковага форуму - выніковае мерапрыемства Года навукі. На з'ездзе вызначаюцца асноўныя і найбольш актуальныя задачы і напрамкі развіцця навуковай сферы, у тым ліку пашырэнне міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва і інтэграцыя айчыннай навукі ў сусветную навуковую прастору. Удзельнікі выпрацуюць канцэпцыю доўгатэрміновай навукова-інавацыйнай бяспекі краіны і генеральную стратэгію развіцця і павышэння ролі айчыннай навукі ў эканоміцы, яе ўзаемадзеяння з рэальным сектарам, фарміравання эфектыўнай нацыянальнай інавацыйнай сістэмы і паступальнай рэалізацыі мадэлі эканомікі ведаў у Беларусі.
У першы дзень працы з'езда дэлегаты і запрошаныя госці працавалі па секцыях, прысвечаных асноўным кірункам развіцця навукі і міжнародным супрацоўніцтве: «Фізіка і інфарматыка ў тэхналогіях будучыні», «Тэхнічныя навукі - Індустрыя 4.0», «Сучасная хімія і рацыянальнае прыродакарыстанне», «Сучасныя біятэхналогіі», «Медыцынскія і фармацэўтычныя навукі», «Айчынная гуманітарыстыка - грамадству», «Інавацыйны аграпрамысловы комплекс», «Моладзь і новыя гарызонты навукі», «Міжнароднае навуковае ўзаемадзеянне на сучасным этапе». Падчас працы апошняй секцыі запланавана пасяджэнне Савета Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук (МААН) і пасяджэнне Кансультатыўнага савета па пытаннях аховы інтэлектуальнай уласнасці і перадачы тэхналогій пры МААН.
На кожнай з дзевяці секцый арганізавана свая тэматычная выстава. Тут свае навуковыя распрацоўкі і праекты прадставілі навукоўцы ГрДУ імя Янкі Купалы і выпускнікі ўніверсітэта. Падчас пленарнага пасяджэння 13 снежня будзе адкрыта абагульненая міжведамасная выстава з васьмі кластараў, звязаных з найважнейшымі задачамі беларускай навукі, адпаведнымі сусветным трэндам развіцця тэхналогій.
Ключавым дакументам, які будзе вынесены на II З'езд вучоных Беларусі, стане праект стратэгіі «Навука і тэхналогіі: 2018-2040». У цяперашні час праект праходзіць грамадскае абмеркаванне. У стратэгіі вызначаны прыярытэты доўгатэрміновага развіцця навукі і тэхналогій, а таксама комплекс інструментаў удасканалення навукова-тэхнічнай сферы, якія забяспечаць новую якасць эканамічнага росту Беларусі і выхад у перспектыве на сусветны ўзровень па шэрагу кірункаў. Стратэгія распрацавана вучонымі НАН Беларусі з улікам заўваг і прапаноў, што паступілі ад органаў дзяржкіравання, рабочых груп і асобных вучоных.