Мерапрыемства адбудзецца ў Купалаўскім універсітэце 27 лістапада і аб'яднае каля 90 удзельніц.
Міжнародны форум у 2019 годзе стане трэцім па ліку. У 2016 і 2018 гадах ён праходзіў на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У гэтым годзе пляцоўкай для сустрэчы ўдзельнікаў стане ГрДУ імя Янкі Купалы як партнёр мерапрыемства.
Мэта міжнароднага форуму - садзейнічанне гендарнай роўнасці, жаночаму лідарству і ўдзелу жанчын у палітычным жыцці на мясцовым узроўні шляхам умацавання патэнцыялу і наладжвання кантактаў паміж жанчынамі. Сваім вопытам у гэтых пытаннях падзеляцца каля 90 экспертаў з Беларусі, а таксама з Фінляндыі, Францыі, Славеніі, Швецыі, Сербіі, Кыргызстана, Літвы і Расіі - гэта прадстаўнікі дзяржаўных органаў, бізнесу, грамадскіх аб'яднанняў, парламентарыі, старшыні і спецыялісты міжнародных арганізацый. Форум будзе праходзіць на дзвюх мовах - рускай і англійскай, з сінхронным перакладам.
На працягу дня удзельнікаў мерапрыемства чакае насычаная праграма. Пачнецца форум з уступнага слова арганізатараў і суарганізатараў мерапрыемства. Далей запланавана інтэрактыўная дыскусія на тэму «Прыклады перадавой практыкі жаночага лідарства ў рэгіёне і за яго межамі». У другой палове будуць працаваць тры паралельныя тэматычныя сесіі. Тэма першай - «Заахвочванне палітычнага ўдзелу жанчын на мясцовым узроўні». На сесіі будуць абмяркоўвацца перашкоды, з якімі сутыкаюцца жанчыны ў палітыцы, вопыт Беларусі і замежжа ў гэтым пытанні, а таксама прыклады перадавой практыкі, якая падтрымлівае ўдзел жанчын у палітыцы на мясцовым узроўні.
Другой тэмай форуму стане «Баланс паміж працай і асабістым жыццём: міф ці рэальнасць?», падчас якой будзе прадстаўлены нацыянальны і міжнародны вопыт заахвочвання гендарна- і сямейна-арыентаваных працоўных месцаў і мацярынства як карпаратыўнай каштоўнасці для працадаўцаў. Таксама ўдзельнікі абмяркуюць развіццё сямейна-арыентаванай інфраструктуры і сацыяльнага асяроддзя як рухаючай сілы для прасоўвання гендарнай роўнасці і пашырэння правоў і магчымасцяў жанчын у грамадскай і сямейнай сферах.
Плануецца, што Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы выступіць на міжнародным форуме з тэмай "Роля ўніверсітэтаў ва ўмацаванні лідарства жанчын на мясцовым узроўні". Запланавана абмеркаванне розных магчымасцяў, якія прадстаўляюцца ўніверсітэтамі ў падрыхтоўцы жанчын-лідараў, а таксама выступленні прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў, кіраўнікоў структурных падраздзяленняў, студэнтаў.