Аб рабоце са студэнтамі ў аўдыторыі і палявых умовах, аб любові да мохаў і краязнаўчых экскурсіях па фартах Гродзенскай крэпасці, аб навуковых адкрыццях і папулярных ведах захоплена і натхнёна расказала калегам дацэнт кафедры батанікі ГрДУ імя Янкі Купалы Анастасія Саковіч.
Мадэратар семінара прадэманстравала, як здзейсніць прарыў у выкладанні дысцыплін з вузкім прадметным зместам. Іх трэба разгарнуць у бок метапрадметнасці, выпрацаваць у студэнтаў цэласны погляд на свет, у якім людзі суседнічаюць з разнастайнымі прыроднымі аб'ектамі. Падобны падыход, на думку Анастасіі Саковіч, дазволіць ператварыць чалавека дасведчанага ў чалавека думаючага, адказнага за сябе і за іншых.
«На ўласным досведзе пераканалася ў эфектыўнасці экскурсіі як педагагічнага прыёму, – падзялілася думкамі мадэратар семінара. - Імхі і старыя фартыфікацыйныя збудаванні толькі тады выклічуць цікавасць у студэнтаў, калі будуць вывучацца ў комплексе, «ужывую», у сітуацыі прамога кантакту з біялагічным асяроддзем і гістарычным мінулым».
У ходзе семінара былі прадэманстраваны відэаматэрыялы навукова-папулярнай экскурсіі «Гродзенская крэпасць», праведзенай для студэнтаў ГрДУ ім. Янкі Купалы з мэтай дэманстрацыі «ўздзеяння прыроды на манументальныя ваенныя збудаванні за больш чым 100 гадоў».
Тэма, прапанаваная мадэратарам, выклікала жывы водгук у большасці ўдзельнікаў семінара. Прагучалі прапановы па пашырэнні метапрадметнай асновы мерапрыемстваў, выкарыстанні літаратурных, этнаграфічных, мастацтвазнаўчых матэрыялаў, прыцягненні зацікаўленых студэнтаў, выкладчыкаў, знешніх экспертаў для надання турыстычнаму прадукту большай прывабнасці.
Чарговы навучальны семінар праекта «Адкрытае навучанне» адбудзецца 16 мая. Дацэнт кафедры эксперыментальнай і прыкладной псіхалогіі Аляксандр Калышка падзеліцца думкамі аб стратэгіях прадуктыўнага чытання ў кантэксце асобаснага і прафесійнага росту сучаснага студэнта. Семінар адбудзецца ў аўдыторыі 218а навучальнага корпуса па вуліцы Ажэшкі, 22. Пачатак а 15:05.
Рэфлексія ўдзельнікаў семінара.
«Унікальна. Займальна. Нова. Пазнавальна. Якасна. Упэўнена». Аляксандр Варанцоў, дацэнт кафедры матэрыялазнаўства і рэсурсазберагальных тэхналогій, кандыдат тэхнічных навук.
«Паланіла нястомнае, дзіўнае «гарэнне» дакладчыка-даследчыка. Брава! Выдатна дзівіць навакольных». Аліна Сабуць, дацэнт кафедры беларускай філалогіі, кандыдат філалагічных навук.
«Мадэратару ўдалося натхніць і накіраваць нас, захапіць за сабой. Дзякуй вялікі за задавальненне стаць студэнтам, якія імкнуцца да новых ведаў!» Ларыса Альшэўская, загадчык вучэбна-метадычнага кабінета адукацыйных тэхналогій педагагічнага факультэта, магістр педагагічных навук.