У другім туры конкурсу «Педагог-інаватар Купалаўскага ўніверсітэта» перад удзельнікамі «Адкрытага навучання» выступіў дырэктар Навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы Мікалай Грынько.
Канкурсант прадставіў інфармацыйны патэнцыял бібліятэкі, расказаў, як бібліятэка і ўдзельнікі адукацыйнага працэсу ўзаемадзейнічаюць адзін з адным.
На думку Мікалая Грынько, ключавым звяном паміж бібліятэкай і студэнтамі з'яўляецца выкладчык. Яго актыўнасць, зацікаўленасць і пастаянныя кантакты з супрацоўнікамі бібліятэкі станоўча ўплываюць на агульны вынік: фарміруецца і падтрымліваецца інфармацыйная пісьменнасць студэнтаў, вызначаюцца іх чытацкія запыты і перавагі, павялічваецца вопыт самастойнай навуковай работы.
Канкурсант падкрэсліў, што бібліятэка здольна не толькі прапаноўваць інфармацыйна-пошукавыя паслугі, але і ўласнымі сіламі арганізоўваць змястоўныя вучэбна-метадычныя і выхаваўчыя мерапрыемствы. У якасці прыкладу былі прыведзены квэст «Купалаў след у Alma-mater» і акцыя «Бібліяноч». Дзякуючы сумесным намаганням бібліятэкі і некалькіх факультэтаў паспяхова функцыянуе летняя школа «Пад светлым імем Купалы».
У ходзе дыскусіі па выніках выступлення канкурсанта былі закрануты пытанні правядзення практычных заняткаў па інфармацыйнай пісьменнасці студэнтаў у рамках факультатыўных курсаў «Універсітэтазнаўства» і «ГрДУ імя Янкі Купалы: місія, гісторыя, структура», прапанаваны варыянты знаёмства выкладчыкаў і студэнтаў з навінкамі літаратуры. Асаблівую цікавасць выклікаў абмен думкамі аб спосабах арганізацыі навучальнага працэсу ў Купалаўскім універсітэце і Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Аб забяспечанасці вучэбнымі матэрыяламі студэнтаў-медыкаў расказала начальнік вучэбна-метадычнага аддзела ГрДМУ Алена Дзежыц.
Конкурс «Педагог-інаватар Купалаўскага ўніверсітэта» працягнецца 20 сакавіка. Вопытам выкарыстання гульнявых тэхналогій у рабоце са студэнтамі педагагічных спецыяльнасцей падзеліцца загадчык вучэбна-метадычнага кабінета педагагічнага факультэта Ларыса Альшэўская. Конкурснае выпрабаванне пройдзе ў аўдыторыі 220 галоўнага корпуса ўніверсітэта. Пачатак у 15.05.