Мэта рэспубліканскага конкурсу тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі «Інжынеры будучыні» – прыцягненне дзяцей і моладзі да тэхнічнай творчасці, удасканаленне сістэмы прафесійнай арыентацыі навучэнскай моладзі, а таксама выяўленне і падтрымка адоранай моладзі Рэспублікі Беларусь. Фінальны этап конкурсу будзе праходзіць з 30 сакавіка да 1 красавіка ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку.
Конкурс праходзіць у чатыры этапы. Першыя тры этапы лічацца адборачнымі. Першы этап праводзіцца ва ўстановах адукацыі. Другі этап мае раённы і гарадскі ўзровень (акрамя горада Мінска). Трэці этап лічыцца абласным, а таксама Мінскім гарадскім. Апошні чацвёрты этап мае статут рэспубліканскага.
Конкурс прадугледжвае выкананне заданняў з дапамогай штучнага інтэлекту: першае заданне – распазнанне эмоцый чалавека ў відэапатоке, другое – пошук у відэапатоке аб'екта, які задаецца з дапамогай галасавых каманд.
Ацэньваюцца заданні па чатырох крытэрыях: дызайн-праект; прататып; аптымізацыя; зборка і запуск праекта.
У Купалаўскім універсітэце адбыўся адборачны этап, на якім удзельнікі выканалі тэставае заданне, а таксама прэзентавалі свае рашэнні перад журы. Пераможцамі сталі чатыры студэнты. На першым месцы апынуўся студэнт 2 курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі Ілля Коншын. Другое месца падзялілі два студэнты факультэта матэматыкі і інфарматыкі Уладзіслаў Снягурскі і Міхаіл Лахніцкі. Трэцяе месца заняў студэнт 2 курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі Яўген Сандракула.