Ужо больш за месяц студэнткі 2 курса факультэта гісторыі, паліталогіі і філалогіі Тамбоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Г.Р. Дзяржавіна Вікторыя Лявонцьева і Ганна Навумава асвойваюць адукацыйную праграму ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Навучанне праходзіць у рамках міжнароднага супрацоўніцтва паміж ВНУ.
З 31 студзеня студэнткі факультэта гісторыі, паліталогіі і філалогіі Федэральнай дзяржаўнай аўтаномнай адукацыйнай установы вышэйшай адукацыі «Тамбоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Г.Р. Дзяржавіна» Вікторыя Лявонцьева і Ганна Навумава навучаюцца на 2 курсе спецыяльнасці «Руская філалогія» філалагічнага факультэта Купалаўскага ўніверсітэта. Адукацыйная праграма працягнецца да 22 мая.
З першых дзён навучанне для дзяўчат аказалася насычаным не толькі ў адукацыйным, але і ў культурным плане.
– Тут вельмі насычанае студэнцкае жыццё. Кожны дзень праходзяць па два-тры мерапрыемствы, якія бываюць абсалютна розных фарматаў: прагляд фільмаў, паход у музей, малебен. Пятніца тут – дзень беларускай мовы, праводзяцца віктарыны, у якіх мы таксама паспелі паўдзельнічаць і выйграць пару цукерак, – падзяліліся Вікторыя і Ганна.
За час навучання студэнткі паспелі ўжо пабываць у музеі беларускага паэта Максіма Багдановіча і прыняць удзел у мерапрыемстве, прысвечаным Дню памяці А.С. Грыбаедава ў «Рускім доме ў Гродне».
Таксама Вікторыя Лявонцьева і Ганна Навумава не забываюцца і пра навучанне. За час знаходжання ў Купалаўскім універсітэце яны высока ацанілі прафесійны ўзровень выкладчыцкага складу.
– Мы пазнаёміліся з вельмі годнымі выкладчыкамі па рускай мове і літаратуры. Аляксей Васільевіч Нікітэвіч – філолаг у другім пакаленні (партрэт яго бацькі вісіць у галоўным корпусе універсітэта за заслугі ў выкладанні рускай мовы), ён чытае нам курс «Марфалогія» і робіць гэта вельмі цікава, – расказалі дзяўчыны.
Асабліва Вікторыі Лявонцьевай і Ганне Навумавай спадабаліся заняткі дацэнта кафедры рускай філалогіі Таццяны Чаркес.
– Яна вядзе ў нас практычныя па рускай літаратуры другой паловы XIX стагоддзя і робіць гэта вельмі займальна. Да кожнага твора яна рыхтуе выразкі з розных артыкулаў па тэме занятку, а таксама расказвае цікавыя факты пра пісьменнікаў, – падзяліліся студэнткі.
Асобную цікавасць у Вікторыі і Ганны выклікала вывучэнне беларускай мовы. Дзяўчаты прызналіся, што першыя два-тры тыдні было складана адаптавацца і на слых успрымаць беларускую мову, але зараз стала значна лягчэй.
Па выходных дзяўчаты не сядзяць без справы і знаёмяцца з маляўнічым горадам Гродна.
Сумесная адукацыйная праграма Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Тамбоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Г.Р. Дзяржавіна з'яўляецца не толькі карысным вопытам для студэнтаў, але і яшчэ адным крокам ва ўмацаванні супрацоўніцтва паміж ВНУ.