XXXI Міжнародная спецыялізаваная выстава Digital Expo TIBO - 2025 праходзіць з 17 па 20 чэрвеня ў г. Мінску. У выставе прымаюць удзел больш за 90 кампаній і арганізацый, сярод якіх лідары IT-рынку Беларусі, Расіі і Кітая. Удзельнікі знаёмяцца з перадавымі распрацоўкамі, абмяркоўваюць актуальныя трэнды і ўстанаўліваюць дзелавыя кантакты. У рамках выставы праходзяць семінары, майстар-класы і панэльныя дыскусіі.
У адукацыйным кластары выставы ўдзельнічаюць вядучыя ўніверсітэты, адказныя за падрыхтоўку кадраў лічбавай індустрыі, сярод якіх Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. На выставе яны дэманструюць свае перадавыя распрацоўкі і прэзентуюць новыя спецыяльнасці. Сёння, 20 чэрвеня, у рабоце выставы прыняў удзел першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандр Карэўскі. Купалаўцы прадставілі сумесны праект факультэта матэматыкі і інфарматыкі і агульнавайсковай кафедры ваеннага факультэта - "Лічбавыя двайнікі ўзораў узбраення". Удзельнікі прадэманстравалі магчымасці стварэння лічбавых мадэляў, трэнажораў і сімулятараў ваеннай накіраванасці. Таксама сярод прадстаўленых распрацовак былі комплекс праграм па вядзенні разведкі, віртуальны сімулятар навучання рабоце з далямерам камандзірскіх і разведвальных машын, а таксама інтэрактыўныя лічбавыя мадэлі ўзораў узбраення ў дапоўненай рэальнасці.
Яшчэ адной яркай распрацоўкай, прадстаўленай купалаўцамі, стала сістэма кантролю якасці прадукцыі на аснове тэхналогій машыннага зроку. Сістэма прызначана для аўтаматызаванага візуальнага вызначэння ў маштабе рэальнага часу параметраў якасці прадукцыі (лінейныя памеры, колер, форма) на аснове тэхналогій машыннага зроку і штучнага інтэлекту. Распрацоўка дае магчымасць скараціць затраты і павысіць якасць выпускаемай прадукцыі на вытворчасці ў розных галінах эканомікі. Аўтары распрацоўкі - магістрант факультэта матэматыкі і інфарматыкі Матвей Бачко і загадчык кафедры электратэхнікі і электронікі Андрэй Герман.
Насычаная дзелавая праграма выставы ўключае больш за 20 тэматычных мерапрыемстваў, сярод якіх круглыя сталы, семінары і прэзентацыі кампаній-удзельнікаў. Эксперты абмяркоўваюць сучасныя трэнды, такія як цыфравізацыя ў прамысловасці, тэхналогіі і рашэнні для развіцця разумных гарадоў, імпартанезалежнасць і тэхналагічны суверэнітэт, абарона персанальных дадзеных, інфармацыйная бяспека, лічбавая трансфармацыя будаўнічай галіны, лічбавая трансфармацыя аграсектара, лічбавы офіс і лічбавая лагістыка.
У рамках XXXI Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі Digital Expo TIBO-2025 адбыўся семінар-прэзентацыя "Рэспубліканскі маладзёжны праект "100 ідэй для Беларусі": ад ідэі да рэалізацыі праекта". Свае распрацоўкі прапанавалі і купалаўцы. Адна з удзельніц - студэнтка 2 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Карына Місцюк.
– Нам выдалася ўнікальная магчымасць наведаць міжнародную спецыялізаваную выставу TIBO-2025 на базе выставачнага цэнтра «БелЭкспа» ў горадзе Мінск. Гэтае месца крэатыўных праектаў і інавацый. Было сапраўды цікава акунуцца ў свет новых тэхналогій, уразіў маштаб, колькасць удзельнікаў з розных куткоў, і, вядома, сама выстава пакінула шмат незабыўных эмоцый, - падзялілася ўражаннямі Карына.
Пра магчымасці праекта "100 ідэй для Беларусі" расказала начальнік аддзела інфармацыйных і лічбавых камунікацый Цэнтральнага камітэта БРСМ Анжаліка Яўных. Яна адзначыла, што праект накіраваны на матывацыю развіцця маладзёжнага вынаходніцтва і рацыяналізатарства, выяўленне і ўкараненне інавацыйных праектаў і навукова-тэхнічных работ у рэальны сектар эканомікі, а таксама на аказанне дапамогі ў прасоўванні распрацовак і пошуку крыніц фінансавання.
Адзначым, Digital Expo TIBO - 2025 - гэта маштабнае і значнае мерапрыемства для дэманстрацыі інавацыйных рашэнняў і тэхналогій, а таксама месца для сустрэч спецыялістаў лічбавай індустрыі, нетворкінга, якое спрыяе развіццю прафесійных навыкаў і абмену вопытам.
Даведачна: у выставе ўдзельнічаюць кампаніі СберТех IT, холдынг «Гарызонт», Геаскан, Т8, Астра, Positive Technologies, НАГ, ЮзерГейт, Р7, Depo Computers, Smart Technologies, Shenzhen Leyard Optoelectronic Technology Co., Ltd, якая займаецца даследаваннямі і распрацоўкай тэхналогій і інавацыйных прадуктаў, у тым ліку інтэлектуальнае адлюстраванне, ландшафтнае асвятленне і віртуальную рэальнасць; кампанія Colorlight Cloud Tech Ltd., якая спецыялізуецца на даследаваннях і распрацоўцы сістэм кіравання святлодыёднымі экранамі, абсталяванні для апрацоўкі відэа, гульнявых сервераў і хмарных сеткавых прайгравальнікаў па ўсім свеце; Guangzhou VLTG Lighting Technology CO., Ltd, якая з'яўляецца прафесійным вытворцам высакаякаснага сцэнічнага асвятляльнага абсталявання; ІНТЭРМЕХ, Cotvec, Фрэндлі, Белхард, Маштабныя рашэнні, ІннаТэх Солюшнс, Электронная Эканоміка, Айці Дыстрыбуцыя, МіСофт, Юкола-Інфа-Брэст і Рэгула і іншыя.