З 28 па 29 чэрвеня напярэдадні Дня моладзі і студэнцтва на базе Цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС Рэспублікі Беларусь адбыўся патрыятычны форум для прадстаўнікоў студэнцкага актыву. ГрДУ імя Янкі Купалы на форуме прадставіла Карына Місцюк, старшыня Студэнцкай рады Купалаўскага ўніверсітэта, студэнтка 2 курса спецыяльнасці «Журналістыка».
У пачатку мерапрыемства ўдзельнікаў чакала экскурсія па Цэнтры падрыхтоўкі, павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС Рэспублікі Беларусь. Рабяты даведаліся пра разнастайнасць праграм і магчымасцяў, якія прапануе гэтая ўстанова. Супрацоўнікі цэнтра падзяліліся багатай гісторыяй яго развіцця, зазначыўшы важнасць падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў у галіне праваахоўнай дзейнасці. Таксама студэнты сталі непасрэднымі сведкамі імправізаваных затрыманняў узброеных злачынцаў, надгляду падследных, паспрабавалі сябе ў ролі крыміналістаў, трапных стралкоў і азнаёміліся з працай Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі.
Яркім працягам патрыятычнага форуму сталі заняткі на скаладроме і ў вяровачным гарадку, якія падарылі ўдзельнікам незабыўныя эмоцыі і магчымасць праверыць свае сілы на вышыні. Лазертаг дадаў элемент каманднага ўзаемадзеяння.
Пераезд на тактычны палігон ГУУС Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта стаў наступным этапам патрыятычнага форума. Удзельнікаў сустрэў начальнік Мінскага АМАПу Мікалай Максімовіч, які прапанаваў удзельнікам паспрабаваць свае сілы на элементах складанай трасы, прызначанай для байцоў АМАПу, якія прэтэндуюць на чорны берэт.
Пасля гэтага студэнты адправіліся на трасу даўжынёй паўтара кіламетра, дзе іх чакалі сапраўдныя выпрабаванні. Удзельнікі вучыліся працаваць разам, усведамляючы, як важныя давер і ўзаемавыручка. Кожная перашкода, няхай гэта будзе высокая сценка ці глыбокая канаўка, патрабавала ад іх не толькі адвагі, але і падтрымкі са боку таварышаў.
Дзень завяршыўся яскравай канцэртнай праграмай і дыскатэкай, дзе дзеці змаглі расслабіцца і весела правесці час.
29 чэрвеня студэнты наведалі кіналагічны цэнтр і даведаліся аб рабоце кінолагаў і іх чатырохногіх памочніках. Экскурсія пачалася са знаёмства з навучальнымі памяшканнямі, дзе праводзяцца заняткі па падрыхтоўцы службовых сабак. Дзеці ўбачылі, як праходзіць навучанне, і даведаліся пра розныя метады дрэсіроўкі. Кінолагі дэманстравалі навыкі сваіх гадаванцаў, паказваючы, як сабакі выконваюць каманды і вырашаюць задачы, неабходныя для працы ў праваахоўных органах.
Кожны этап праграмы патрыятычнага форуму - ад паласы перашкод і пазнавальнага візіту ў кіналагічны цэнтр да яркага канцэрта – стаў магутнай крыніцай станоўчай энергіі.
А вось што расказала пра ўдзел у патрыятычным форуме старшыня Студэнцкай рады Купалаўскага ўніверсітэта Карына Місцюк:
– Гэты патрыятычны форум паказаў сілу адзінства! Найперш мы аб'ядналіся з усім студэнцкім актывам нашай краіны, а гэта важны крок для развіцця студэнцкай супольнасці. Але сіла адзінства дапамагла нам і ў самым яркім выпрабаванні –- мінанні паласы перашкод! Гэта было складана, незабыўна, экстрэмальна. Але толькі разам і разам мы здолелі дайсці да канца. Ва ўсіх засталося шмат станоўчых эмоцый.