З 22 па 23 жніўня ў г. Дзяржынск прайшоў ХVIII Рэспубліканскі экалагічны форум. Дэвіз форуму ў гэтым годзе – «У гармоніі з прыродай: устойлівае спажыванне». Сярод удзельнікаў мерапрыемства купалаўцы – Вольга Янчурэвіч, дэкан факультэта біялогіі і экалогіі, і Вольга Крамлёва, дацэнт кафедры экалогіі.
Мэта сустрэчы - актыўнае ўцягванне грамадзян у экалагічны рух, павышэнне ўзроўню экалагічнай культуры, прасоўванне прынцыпаў зялёнай эканомікі і ўстойлівасці да кліматычных змен, а таксама фарміраванне экалагічна адказнага ладу жыцця. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Мінскі абласны выканаўчы камітэт і зацікаўленыя бакі, якія аказалі падтрымку ў яго рэалізацыі.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 400 чалавек, у тым ліку ганаровыя госці, дэлегаты ад рэгіёнаў, прадстаўнікі міжнародных арганізацый і запрошаныя эксперты. Адзначым, што мерапрыемствы сустрэчы насілі адкрыты фармат, у іх бралі ўдзел мясцовыя жыхары і госці рэгіёна.
На працягу двух дзён працавалі тэматычныя секцыі, прысвечаныя захаванню біяразнастайнасці пры змяненні клімату, падрыхтоўцы праекта Нацыянальнага плана дзеянняў Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2040 года і інавацыйным рашэнням у галіне экалогіі і абыходжання з адходамі. У рамках форуму праводзіліся розныя дыялогавыя пляцоўкі, семінары і круглыя сталы, працавалі маладзёжныя інтэрактыўныя пляцоўкі з майстар-класамі і эка-актыўнасцямі. Таксама ўдзельнікі ўшанавалі памяць загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне на мітынгу-рэквіеме ля мемарыяла «У гонар вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».
Закрыццё мерапрыемства адбылося ва ўрачыстай абстаноўцы на гары Дзяржынскай – вышэйшай кропцы Рэспублікі Беларусь (345 м над узроўнем мора), дзе быў прадстаўлены экалагічны аб'ект «Сонечны гадзіннік», створаны супрацоўнікамі НПЦ па геалогіі.