Сёння, 14 мая, Кіраўнік інфармацыйнага ведамства ў фармаце адкрытага дыялога абмеркаваў актуальныя пытанні развіцця медыяпрасторы краіны з прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнтамі кафедры журналістыкі.
14-15 мая праходзіць VI Форум медыйнай супольнасці Беларусі, у рамках якога Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Жук і наведаў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
З прывітальным словам ад імя рэктара ўніверсітэта Ірыны Кітурка да прысутных звярнуўся першы прарэктар Аляксандр Карэўскі. У сваёй прамове ён адзначыў, што Дзмітрый Жук на працягу ўсяго свайго прафесійнага жыцця звязаны з журналістыкай і інфармацыйнымі камунікацыямі:
– Дзмітрый Аляксандравіч працаваў на розных пасадах у выдавецка-інфармацыйным цэнтры Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, намеснікам генеральнага дырэктара інфармагенцтва «Інтэрфакс-Захад», кіраўніком прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, генеральным дырэктарам РУП «Беларускае тэлеграфнае агенцтва» , дырэктарам – галоўным рэдактарам установы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Выдавецкі дом «Беларусь сёння». Яго досвед, мудрасць, бачанне сённяшняй сітуацыі, якімі ён падзеліцца ў рамках дыялогу, будуць карысныя будучым журналістам, спецыялістам у галіне інфармацыі і камунікацыі, а таксама выкладчыкам, якія займаюцца іх падрыхтоўкай.
Звяртаючыся да аўдыторыі з уступным словам, Дзмітрый Жук выказаў надзею, што сённяшняя сустрэча будзе каштоўнай як для студэнтаў, так і для яго самога. Бо цікава Кіраўніку інфармацыйнага ведамства даведацца пра думкі моладзі і галоўнае – прычыну выбару прафесіі журналіста. Будучым акулам пяра была прадастаўлена ўнікальная магчымасць задаць хвалюючыя пытанні напрамую Міністру інфармацыі.
– І тут не да сціпласці, таму што калі вы сціплыя, то ў прафесіі журналіста ў вас няма будучыні, – заўважыў Міністр у пачатку дыялогу.
Пытанні пасыпаліся самыя розныя. Яны датычыліся кар'ернага шляху журналіста-пачаткоўца, лічбавых медыяў, узаемадзеяння журналістаў і блогераў, штучнага інтэлекту ў СМІ, перспектыў развіцця беларускай журналістыкі і іншых.
Адказы Дзмітрыя Жука былі нестандартнымі, прымушалі аўдыторыю задумацца, а яго сустрэчныя пытанні, напрыклад, навошта трэба ведаць, як уладкавана краіна, і якая асноўная задача журналіста, прымушалі па-новаму зірнуць на звыклыя з'явы.
– «Усё тое, што некамфортна, нас развівае»; «людзей трэба прымушаць нешта рабіць, бо толькі так фарміруюцца добрыя звычкі»; «пры ўсім развіцці тэхналогій чалавек па-ранейшаму застаецца біялагічным індывідам, і журналіст павінен несці пасылы, якія будуць накіраваны на яго стварэнне»; «у журналіста ёсць галоўная запаведзь, якая супадае з запаведдзю лекара: "не нашкодзь!"»; "журналіст нясе адказнасць за сказанае перад грамадствам»; «задача журналіста – распавесці адным людзям, як жывуць іншыя», – прамова Міністра так і хочацца разбіць на цытаты, ужо балюча дакладныя і ясныя яны. Яго фразы натхнялі, задавалі вектар руху думкі і, безумоўна, надоўга застануцца ў памяці.
Адказ Міністра на апошняе пытанне ад студэнтаў быў непрадказальным:
– Якую галоўную параду Вы можаце даць маладым людзям, якія жадаюць звязаць сваю будучыню з інфармацыйнай сферай?
– Не слухайце парад – вось вам мая парада!
Час насычаных зносін праляцела хутка і неўзаметку. Вынікі сустрэчы падвёў першы прарэктар, усё ж даўшы тры парады будучым журналістам:
– Па-першае, не будзьце сціплымі. Па-другое, заўсёды ператварайце праблемы ў магчымасці. І, па-трэцяе, атрымлівайце задавальненне ад сваёй прафесіі! – рэзюмаваў Аляксандр Яўгенавіч.
Пасля гутаркі Міністр наведаў вучэбна-навукова-вытворчае аб'яднанне «Студэнцкі медыяцэнтр», дзе будучыя журналісты прэзентавалі яму свае медыяпрадукты, выкананыя ў розных жанрах і фарматах: дакументальны фільм, студэнцкае радыё, часопіс, а таксама праекты, якія рэалізуюцца ў сацыяльных сетках. Акрамя таго, студэнты мелі магчымасць задаць дадатковыя пытанні госцю і запісаць інтэрв'ю.