10 мая на базе прасторы па інтарэсах тэхнічнага профілю "Саюз тэхнікі і творчасці" Купалаўскага ўніверсітэта прайшла сустрэча з навучэнцамі ДУА "Сярэдняя школа № 39 імя І.Д. Лебедзева г. Гродна", дзе яны атрымалі магчымасць дакрануцца да свету навукі і сучасных тэхналогій.
Мерапрыемства пачалося з гутаркі аб праграмаванні: аспірант фізіка-тэхнічнага факультэта Антон Лісковіч расказаў вучням аб перспектывах праграмавання С# і C++, іх перавагах і недахопах.
Сюрпрызам для школьнікаў стала наведванне планетарыя фізіка-тэхнічнага факультэта, дзе яны з захапленнем назіралі за дэманстрацыяй праекцыі зорнага неба.
Завяршылася сустрэча наведваннем навуковай лабараторыі лазерных тэхналогій. Вучням паказалі лазерныя ўстаноўкі і прыборы аналізу розных аспектаў лазернага выпраменьвання.
Адзначым, што гэтае мерапрыемства стала яшчэ адной прыступкай у папулярызацыі тэхнічных спецыяльнасцяў Купалаўскага ўніверсітэта.