На факультэце эканомікі і кіравання адбыўся гранд-фінал ІХ алімпіяды па эканамічных і ІТ дысцыплінах сярод навучэнцаў каледжаў Рэспублікі Беларусь.
Ужо дзявяты раз на факультэце эканомікі і кіравання сабраліся самыя разумныя, крэатыўныя і захопленыя эканомікай навучэнцы каледжаў. Алімпіяда праводзілася ў два этапы. У першым, дыстанцыйным туры алімпіяды, прынялі ўдзел каля 200 навучэнцаў з 10 каледжаў краіны. Удзельнікам у дыстанцыйным туры было прапанавана выканаць тэставыя і кейсавыя заданні.
За званне найлепшых змагаліся 15 фіналістаў з васьмі каледжаў Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцей, якія вызначыліся па выніках дыстанцыйнага этапа. Дарэчы, пастаяннымі ўдзельнікамі алімпіяды з'яўляюцца каманды Гродзенскага каледжа эканомікі і кіравання, Ашмянскага і Столінскага дзяржаўных аграрна-эканамічных каледжаў.
Пераможцы і прызёры анлайн-этапу вызначаліся ў некалькіх спецыяльнасцях. Менавіта яны змагаліся за званне найлепшага ў фінальных спаборніцтвах алімпіяды.
Па спецыяльнасці «Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт» 3 месца падзялілі Дар'я Адашкевіч з Ашмянскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа і Вікторыя Шаш з Гродзенскага каледжа эканомікі і кіравання. 2 месца ў навучэнцаў Ашмянскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа Юліі Лянцэвіч і Насты Буткевіч. 1 месца заняла навучэнка Столінскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа Ганна Сімановіч.
Па спецыяльнасці «Эканоміка і кіраванне» 3 месца падзялілі навучэнцы Столінскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа Арсеній Шыла і Зміцер Байдоўскі. 2 месца ў Дар'і Ліхімовіч, навучэнкі Мінскага дзяржаўнага фінансава-эканамічнага каледжа, і Паліны Шмуксты, навучэнкі Лідскага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы. 1 месца заняў навучэнец Гродзенскага каледжа эканомікі і кіравання Яраслаў Лойка.
Па спецыяльнасці «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі» 3 месца падзялілі Мікіта Малчун, навучэнец Гродзенскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа і Ілля Васільчук, навучэнец Тэхналагічнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы. 2 месца падзялілі Яна Шмат з Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну і Мікіта Шымчук з Гродзенскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. 1 месца заняў Мікіта Шаламіцкі, навучэнец Ашмянскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа.
Перад тым, як даць старт гранд-фіналу алімпіяды, да ўдзельнікаў з прывітальным словам звярнулася дэкан факультэта эканомікі і кіравання Марына Карпіцкая, якая расказала будучым абітурыентам аб асаблівасцях і канкурэнтных перавагах навучання ў Купалаўскім універсітэце.
У фінальным выпрабаванні ўдзельнікі павінны былі прадставіць відэаролікі на тэму «Мой прафесійны выбар». Відэа атрымаліся яркімі, юнакі выкарыстоўвалі творчы падыход і грунтоўна падышлі да працы. Таму журы было няпроста вызначыць найлепшую працу.
Пераможцам гранд-фіналу стала Яна Шмат, навучэнка Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну.
Усе пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі і прызамі, а ўдзельнікі атрымалі сертыфікаты.