Студэнты першага курса спецыяльнасці «Праграмная інжынерыя» Мікіта Скерсь і Руслан Кішкуноў прадстаўляюць Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на конкурсе інавацыйных рашэнняў «Space Hackathon with MTS», які праходзіць з 18 па 20 сакавіка ў бізнес-інкубатары Парка высокіх тэхналогій.
Каманда, якая складаецца са студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы, БДУ, БНТУ і БДАМ, распрацоўвае і прэзентуе канцэпт мабільнага дадатку для адлюстравання паказанняў IoT-прылад з магчымасцю кіравання іх параметрамі і абароны карыстацкіх дадзеных. Праект рэалізуецца з выкарыстаннем NB-IoT – стандарту сувязі для абмену дадзенымі паміж «разумнымі» прыладамі.
У гэтым годзе Хакатон сабраў больш за 200 удзельнікаў і прапануе прызавы фонд у памеры 5000 беларускіх рублёў. Удзельнікі змогуць наведваць навучальныя лекцыі і прайсці папярэдні адбор, пасля чаго прадставяць свае ідэі ў фармаце пітчай. Экспертнае журы выбера пераможцу на аснове ўнікальнасці прапанаваных рашэнняў.
Фінал Хакатона і ўзнагароджанне пераможцаў адбудзецца 20 сакавіка 2025 года.