У Купалаўскім універсітэце 21 сакавіка адбылася VII Рэспубліканская навукова-практычная інтэрнет-канферэнцыя студэнтаў і маладых даследчыкаў «Медыякамунікацыі ў XXI стагоддзі: традыцыі і навацыі». Канферэнцыя прайшла ў дыстанцыйным фармаце на адной з пляцовак канферэнц-сувязі і сабрала больш за 80 даследчыкаў з устаноў адукацыі Беларусі і Расіі.
Пленарнае пасяджэнне адкрыў старшыня Савета маладых вучоных, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандр Горны. Аляксандр Сяргеевіч пажадаў удзельнікам поспехаў, а канферэнцыі – выхаду на новы, міжнародны, фармат. Загадчык кафедры журналістыкі Іна Мінчук падкрэсліла, што ўдзел у сапраўднай канферэнцыі маладых даследчыкаў з Беларусі, Расіі і Кітая дае ўсе падставы прагназаваць правядзенне міжнароднага навуковага форуму ўжо ў наступным годзе. У прывітальным слове старшыні праграмнага камітэта канферэнцыі, дацэнта кафедры журналістыкі Ганны Булгакавай было адзначана пашырэнне тэматычных напрамкаў канферэнцыі, уключэнне ў абмеркаванне новых праблем, у тым ліку выкарыстання штучнага інтэлекту ў медыякамунікацыях.
На пленарным пасяджэнні канферэнцыі выступілі ўдзельнікі з Беларусі – БДУ, МДЛУ, ГрДУ імя Янкі Купалы, ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай, а таксама з Расіі – РДЭУ (РІНГ). Ключавая лінія абмеркавання – трансфармацыя медыякамунікацый у Беларусі і за мяжой пад уплывам сучасных тэхналогій.
У час секцыйных пасяджэнняў адбылося абмеркаванне наступных тэматычных напрамкаў: «Мова і стыль медыякамунікацый», «Традыцыйныя СМІ і новыя медыя», «Мастацкі тэкст у медыякультуры. Літаратурная крытыка і арт-журналістыка», «Актуальныя праблемы маркетынгавых камунікацый», «Камунікацыйная дзейнасць арганізацый у інтэрнет-прасторы», «Этыка і эстэтыка медыякамунікацый», «Штучны інтэлект у сучасных медыякамунікацыях». У рамках канферэнцыі адбыліся дзве секцыі на англійскай мове з удзелам прадстаўнікоў КНР – «Traditional and New Media in China in Context of Transformation Processes», «Transformation Processes in Domestic and Foreign Journalism and Social Communications: Socio-cultural and Linguistic aspects».
Лепшыя даклады ўдзельнікаў канферэнцыі былі адзначаны дыпломамі. Па выніках канферэнцыі будзе падрыхтаваны зборнік матэрыялаў, які пройдзе дэпаніраванне.