У рамках рубрыкі «Купалаўцы на сувязі», створанай для абітурыентаў – 2025, студэнты старэйшых курсаў Купалаўскага ўніверсітэта дзеляцца сваімі ўражаннямі аб працэсе навучання. Сёння на сувязі з намі Павел Джангіраў, студэнт 4 курса спецыяльнасці «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва».
– Павел, як Вы можаце ахарактарызаваць навучанне ва ўніверсітэце?
– Я заканчваю 4 курс інжынернага факультэта па спецыяльнасці «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва». Лічу, што гэта ключавая спецыяльнасць у будаўнічай галіне, і ўпэўнены, што пасля заканчэння вучобы мы з аднагрупнікамі зможам унесці значны ўклад у развіццё інфраструктуры нашай краіны. Навучанне пачыналася няпроста, многія дысцыпліны падаваліся складанымі, асабліва матэматыка і фізіка. Аднак, дзякуючы падтрымцы выкладчыкаў і асабістай упартасці, мы паспяхова справіліся з цяжкасцямі. Першым сур'ёзным выпрабаваннем стала геадэзічная практыка, дзе мы змаглі прымяніць атрыманыя веды на практыцы і навучыліся працаваць у камандзе.
На другім курсе мы прыступілі да праектавання будынкаў, што было вельмі цікава. Практыка на заводзе буйнапанэльнага домабудавання «Гроднажылбуд» дазволіла нам убачыць рэальны вытворчы працэс. Трэці курс стаў больш складаным, але не менш цікавым. Менавіта тады мы пачалі асвойваць тэхналагічныя карты і разлікі, што паглыбіла нашыя веды. Летнія практыкі таксама былі значныя. Мы ўдзельнічалі ў будаўніцтве анкалагічнага дыспансера, дзе змаглі прымяніць тэорыю на практыцы. Наша вучоба была практыка-арыентаванай, што дазволіла нам лепей зразумець усе аспекты прафесіі.
Апроч вучобы, я актыўна ўдзельнічаў у студэнцкім жыцці. У якасці старшыні прафсаюзнай арганізацыі арганізоўваў мерапрыемствы і падтрымліваў сувязь з адміністрацыяй. Я ўдзячны ўсім выкладчыкам і кіраўнікам за падтрымку і натхненне.
На пачатку свайго навучання ў мяне былі сумневы адносна правільнасці выбару ўніверсітэта, але цяпер я абсалютна ўпэўнены, што зрабіў правільны выбар, паступіўшы ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Гэты ўніверсітэт сапраўды даў мне ўпэўненасць у сабе і адкрыў мноства магчымасцяў і перспектыў.
– Што б Вы параілі будучым студэнтам?
– Я б параіў ніколі не здавацца. Усе іспыты, залікі і курсавыя працы – гэта толькі этапы на шляху да вашай мэты. Набярыцеся цярпення і ўпэўненасці, і вы ўсё пераадолееце.
І, вядома, важна актыўна ўдзельнічаць у мерапрыемствах і жыцці ўніверсітэта. У будучыні вашыя дзеці абавязкова папросяць расказаць пра студэнцкія гады, і ў вас будзе шмат цікавых гісторый, якімі можна падзяліцца. Не абмяжоўвайце сябе толькі падручнікамі – жывіце поўным жыццём, каб кожнае імгненне студэнцтва пакідала незабыўныя ўспаміны!