З 17 па 26 чэрвеня на базе ГрДУ імя Янкі Купалы школьнікі з гімназіі № 2 горада Ваўкавыска вывучалі свет медыяў у рамках Летняй школы медыяпісьменнасці «МедыяГід».
Выкладчыкі і студэнты кафедры журналістыкі падрыхтавалі для ўдзельнікаў школы насычаную праграму, якая дапамагла пазнаёміцца са светам медыя, аб'яднаўшы тэарэтычныя асновы і практычныя заняткі. Рабяты не толькі даведаліся, як уладкована медыяіндустрыя, але і змаглі паспрабаваць сябе ў ролі сапраўдных журналістаў, сцэнарыстаў, аператараў і фатографаў.
Акрамя заняткаў і стварэння праектаў, школьнікі на працягу 10 дзён прымалі ўдзел у майстар-класах ад студэнтаў кафедры журналістыкі: пісалі сцэнары, праводзілі апытанні на вуліцах горада, фатаграфавалі і здымалі відэаролікі. Рабяты спрабавалі сябе як у каманднай, так і ў індывідуальнай працы. Падчас майстар-класа па стварэнні відэаролікаў удзельнікі праявілі крэатыў і стварылі цэлыя кліпы, бэкстэйджы са здымак, падкасты і рэпартажы. На майстар-класе па фатаграфіі хлопцы былі захоплены стварэннем сваіх уласных фотапраектаў, развівалі пачуццё прыгожага і ўменне бачыць незвычайнае ў штодзённым.
Удзельнікі школы медыяпісьменнасці таксама наведвалі розныя экскурсіі. Выкладчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Аляксандр Горны правёў займальную экскурсію па славутасцях Гродна, расказаў пра таямніцы горада і легенды, якія ходзяць пра яго.
Летняя школа накіравана на тое, каб павысіць узровень медыяграматнасці сярод школьнікаў, таму былі арганізаваны не толькі экскурсіі па горадзе, але і па Гродзенскім СМІ. Абласная газета «Гродзенская праўда», тэлерадыёкампанія «Гродна» і тэлерадыёвяшчальны канал «Гродна Плюс» з радасцю сустрэлі гасцей з Купалаўскага ўніверсітэта. Школьнікі даведаліся пра нюансы працы ў газеце і на тэлебачанні, убачылі, як ствараюцца навіны і праграмы.
Летняя школа медыяпісьменнасці «МедыяГід» – гэта не проста адукацыйны праект, гэта інвестыцыя ў будучыню. Яна дапамагае школьнікам развіць крытычнае мысленне, навучыцца аналізаваць інфармацыю і арыентавацца ў сучаснай медыяпрасторы. А для некага, магчыма, стане першым крокам на шляху да паспяховай кар'еры ў журналістыцы.