Студэнты кафедры рамана-германскай філалогіі філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы завяршылі пераклад з нямецкай мовы архіўных дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны. Матэрыялы раскрываюць дэталі жыцця горада ў перыяд фашысцкай акупацыі.
Праца вялася ў рамках навукова-даследчага праекта «Генацыд беларускага народа: памяць і боль Гродзенскай зямлі», які з сакавіка 2023 года сумесна рэалізуюць пракуратура вобласці і Купалаўскі ўніверсітэт. Будучыя перакладчыкі пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры Ірыны Міхалевіч і старшага пракурора аддзела пракуратуры Гродзенскай вобласці Наталлі Змітрэвіч працавалі з паперамі 1940-х гадоў: ад дакументаў, якія датычацца размеркавання прадуктаў, да асабістых лістоў, у якіх адлюстраваны страхі і надзеі людзей.
– Чытаць некаторыя дакументы было вельмі складана. Напрыклад, рашэнні мясцовых улад аб лёсах грамадзян. Мы адчувалі боль, на вочы наварочваліся слёзы. Бо за кожным дакументам – рэальнае жыццё і рэальная трагедыя... – распавядае Ірына Міхалевіч.
Сваімі эмоцыямі ад працы падзяліліся і студэнты:
– Паглыбляючыся ў тэкст, адчувала сябе часткай важнага гістарычнага працэсу, усведамляла, што мая праца мае не толькі акадэмічнае, але і культурнае значэнне. Кожны дакумент гістарычна неацэнны, і я адчуваю вялікую адказнасць за тое, каб дакладна данесці яго сутнасць, – расказала студэнтка трэцяга курса Анастасія Вярцінская.
Таксама сваімі ўражаннямі падзялілася трэцякурсніца Аксана Паўлоўская. Яна падкрэсліла, што работа з арыгінальнымі дакументамі дазволіла па-новаму паглядзець на падзеі 1942-1944 гадоў, даведацца шмат новых фактаў аб акупаваным Гродне і ўзмацніць цікавасць да прафесійнай дзейнасці.
Паводле слоў дырэктара Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці Сяргея Міклашэвіча, усе перакладзеныя дакументы ў будучым будуць даступны для вывучэння.
Ірына Міхалевіч і Наталля Змітрэвіч перакананы, што работа студэнтаў з архіўнымі матэрыяламі ў рамках праекта "Генацыд беларускага народа: памяць і боль Гродзенскай зямлі" значны не толькі для аднаўлення гістарычных звестак, але і для прафесійнага і маральнага станаўлення асобы юнага патрыёта.
Навіна падрыхтавана на аснове матэрыялу «Гродзенскай праўды».
