З 29 верасня па 4 кастрычніка факультэт біялогіі і экалогіі Купалаўскага ўніверсітэта з візітам наведаў дацэнт кафедры малекулярнай біятэхналогіі Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага тэхналагічнага інстытута (тэхнічны ўніверсітэт), кандыдат біялагічных навук Радзівон Сахабееў. Візіт адбыўся ў рамках праграмы «Запрошаны прафесар».
На працягу тыдня Радзівон Сахабееў праводзіў цыкл лекцый для купалаўцаў. Для студэнтаў 1-3 курсаў спецыяльнасці «Фундаментальная і прыкладная біятэхналогія» былі прачытаны лекцыі па дысцыплінах «Уводзіны ў біятэхналогію», «Асновы біяінфарматыкі» і «Біятэхналогія жывёл». Для будучых выпускнікоў, студэнтаў 5 курса спецыяльнасці «Біялогія (біятэхналогія)» – па дысцыпліне «Сучасныя аспекты генетычнага аналізу».
Акрамя вучэбных заняткаў адбыліся сустрэчы з кіраўніцтвам і выкладчыкамі факультэта біялогіі і экалогіі. У рамках сустрэч бакі абмеркавалі пытанні рэалізацыі праграмы супрацоўніцтва паміж універсітэтамі, сумесных навуковых даследаванняў і стажыровак для маладых спецыялістаў.