У рамках праграмы «Запрошаны прафесар» у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы з 9 па 13 лістапада знаходзілася з візітам прафесар кафедры прадпрымальніцкага права МДУ, доктар юрыдычных навук, прафесар, кіраўнік Навукова-адукацыйнага цэнтра «Цэнтр прававых даследаванняў штучнага інтэлекту і лічбавай эканомікі» Юлія Харытонава. Наведванне адбылося па ініцыятыве кафедры грамадзянскага права і працэсу Купалаўскага ўніверсітэта.
Праграма візіту была насычанай. Расійскі прафесар прачытала лекцыі студэнтам адразу двух факультэтаў – юрыдычнага і матэматыкі і інфарматыкі. Будучыя юрысты азнаёміліся з новымі інстытутамі гаспадарчага і грамадзянскага права, а ў рамках дысцыпліны «Прававое рэгуляванне лічбавых тэхналогій у гаспадарчай дзейнасці» даведаліся аб фарміраванні лічбавай эканомікі і тэхналогіях блокчэйн і навучыліся заключаць смарт-кантракты.
Для студэнтаў спецыяльнасці «Штучны інтэлект» факультэта матэматыкі і інфарматыкі Юлія Харытонава прачытала студэнтам дзве лекцыі па дысцыпліне «Прававое рэгуляванне тэхналогій штучнага інтэлекту».
Акрамя лекцый, запрошаны прафесар правяла шэраг сустрэч з кіраўніцтвам і прафесарска-выкладчыцкім складам юрыдычнага факультэта, а таксама кансультацыі для выкладчыкаў, аспірантаў і саіскальнікаў па падрыхтоўцы дысертацыйных даследаванняў.
Кульмінацыяй візіту стала выступленне прафесара Юліі Харытонавай з пленарным дакладам на VIII Міжнародным студэнцкім круглым стале «Прававое рэгуляванне, выкарыстанне штучнага інтэлекту і лічбавых тэхналогій у грамадзянскім (прадпрымальніцкім абароце)», які сабраў больш за дзвесце ўдзельнікаў.