15 ліпеня, напярэдадні Дня вызвалення горада Гродна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, работнікі ГрДУ імя Янкі Купалы наведалі кінатэатр «Космас», дзе паглядзелі сямейную ваенную драму «Каруза».
«Каруза» – гэта кранальны фільм пра дабрыню і вернае сяброўства падчас вайны, заснаваны на рэальных падзеях. Ён расказвае пра тое, што ў страшны час героямі былі не толькі людзі. Галоўным героем карціны з'яўляецца сабака.
У пракат кінастужка выйшла 24 красавіка, аднак работнікі Купалаўскага ўніверсітэта паглядзелі яго напярэдадні важнага для гродзенцаў свята – дня вызвалення Гродна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Фільм не пакінуў іх абыякавымі:
– Фільм «Каруза» зрабіў на мяне моцнае ўражанне. Па-першае, я вельмі люблю ваенныя фільмы, а па-другое, рэжысёр па-майстэрску трымаў гледача ў напружанні, прымушаючы варажыць, што ж будзе далей. Эмоцыі на працягу ўсяго прагляду былі самыя розныя: недзе я перажывала за галоўнага героя, недзе радавалася за яго, а ў некаторых момантах не магла стрымаць суму. Выдатная ігра акцёраў і глыбокая сюжэтная лінія зрабілі гэты фільм па-сапраўднаму запамінальным, – падзялілася сваімі эмоцыямі Карына Пузіна.
Пра свае ўражанні ад фільма расказала і Карына Місцюк:
– Гэты кінапаказ прымусіць задумацца аб жыццёвых каштоўнасцях, бо ў кінакарціне паказаны нялёгкія ваенныя гады. Менавіта адданасць, каханне і павага дапамаглі героям перажыць гэтыя страшныя старонкі гісторыі. Шмат сюжэтных паваротаў напоўнілі прагляд фільма незабыўнымі эмоцыямі: гэта было і кранальна, і радасна, і сумна. Раю кожнаму паглядзець фільм «Каруза», знайсці для сябе новыя ідэі і паглядзець на жыццё з іншага боку!
Таксама работнікі Купалаўскага ўніверсітэта паўдзельнічалі ў інтэрактыве – перад паказам фільма для іх была праведзена віктарына аб вызваленні горада Гродна.
Такія культурна-патрыятычныя мерапрыемствы нагадваюць, як важна ў сучасным свеце памятаць аб тым, што адбывалася ў ваенныя гады.